Адрес: ул. Первомайская 24a, г. Любань, 223812

Телефон/факс:+375-1794-59811+375-1794-67656

Телефон "Горячей линии" райисполкома 8-017-94-59-8-11

Единый телефонный номер справочной службы "одно окно": 142

Режим работы

e-mail: isp@lyuban.gov.by (для деловой переписки)

Электронные обращения - для обращений граждан и юридических лиц

 

Главная / Новости / Новости региона
30 ноября 2022

Людзі Нарачанскага краю. Хлебаробская дынастыя Рацкевічаў

РАЦКЕВІЧЫ ў Свіры людзі вядомыя. Звязалі сваё жыццё з хлебаробскай справай і бацька, і сыны. Вызначаюцца таксама руплівасцю і адказнасцю і маці, і нявесткі.

Пачынальнікам працоўнай дынастыі Рацкевічаў з'яўляецца Уладзіслаў Францавіч. Ён сам родам са Свіры. У пасёлку прайшло яго дзяцінства, юнацтва. У Камарове ў школе механізацыі вывучыўся на трактарыста і 43 гады свайго жыцця прысвяціў нялёгкай і пачэснай хлебаробскай справе. Розныя работы выконваў вопытны механізатар: араў, сеяў, ажыццяўляў транспартныя перавозкі. Працаваў шчыра, добрасумленна, нават яшчэ доўгі час на пенсіі. Уладзіслава Францавіча паважалі, заўсёды ставілі ў прыклад іншым. Лепшае сведчанне гэтаму дзяржаўныя ўзнагароды — ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі і "Знак пашаны" , якімі яшчэ ў савецкі час быў адзначаны за руплівасць і адказнасць.

Да пары гаспадару і жонка Юзэфа Іосіфаўна — шчырая, добразычлівая, акуратная. Пазнаёміліся яны ў Сыраватках, калі Уладзіслаў працаваў там на трактары. Цяпер гэта населены пункт Смаргонскага раёна, а на той час — былога Свірскага. У 1958 годзе стварылі сям'ю і дагэтуль крочаць разам па жыцці, папалам дзелячы добрае і дрэннае, перажываючы радасці і хваляванні.

Стараліся жыць так, каб не было сорамна перад людзьмі, — апавядае  Юзэфа Рацкевіч. — Даражылі сваёй сям'ёй, блізкімі. Хоць, вядома, у жыцці рознае здаралася. Аднак пры першых цяжкасцях не спяшаліся разляцецца ў розныя бакі, як часта цяпер бывае: ледзь што — адразу скасаванне шлюбу. У нас і думак такіх не ўзнікала. Дзецям патрэбны абодва бацькі — і мама, і тата. Гэта заўсёды памяталі. Не выносілі, як гаворыцца, і смецце з хаты. Усе пытанні спрабавалі вырашаць разам, прыслухваліся да меркавання адзін аднаго. Вучыліся разам прабачаць крыўды, не звярталі ўвагі на нейкія дробязі. У павазе і дзяцей стараліся выхоўваць. І гэта, як паказала жыццё, нам удалося.

Муж па сутнасці ўвесь час працаваў у адной гаспадарцы трактарыстам. А вось яго жонцы давялося завіхацца на розных участках. Была напачатку рабочай паляводчай брыгады ў мясцовым саўгасе, потым 13 год пошту разносіла.

— Участак быў вялікі, працягласцю да 20-ці кіламетраў, — згадвае мінулае мая суразмоўца. — Газет, часопісаў людзі тады шмат выпісвалі, не тое што зараз. Практычна ў кожны дом ішло перыядычнае выданне, а часам і не адно. Асабліва папулярнай сярод насельніцтва была раённая газета "Нарачанская зара". За яе і агітаваць нікога не трэба было. Тады і пісьмы адзін аднаму пісалі, паштоўкі на святы пасылалі. Сумку паштальёна было не падняць. І разнесці газеты, даставіць тэлеграмы, іншую карэспандэнцыю трэба было своечасова. Прычым у любое надвор'е. Дабіралася куды пяшком, куды на веласіпедзе, здаралася хто і на машыне крыху падвозіў, калі было па дарозе.

Пазней Юзэфа Рацкевіч працавала прыбіральшчыцай у Свірскім гарпасялковым Савеце. У службовых кабінетах, на калідорах,  лесвіцы, у санвузлах падтрымлівала чысціню і ідэальны парадак. Ёй вельмі хацелася, каб у наведвальнікаў заставалася добрае ўражанне пра ўстанову, куды прыйшлі, бо яна на самой справе асаблівая: там мясцовая ўлада знаходзіцца і працуе. Кожны, хто ведае гэту акуратную і старанную жанчыну, абавязкова пацвердзіць, што на ўсіх участках работы яна зарэкамендавала сябе са станоўчага боку. Людзі паважалі Юзэфу Іосіфаўну за руплівасць, добрасумленнасць, адказнасць.

Калі сёлета Уладзіслаў адзначаў 90-годдзе з дня нараджэння, да нас у хату завітала шмат гасцей, — успамінае памятную дату з жыцця мужа гаспадыня. — Не зважаючы на напружаную пару прыехаў кіраўнік таварыства "Свір-агра" Віктар Субач, а з ім старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Люцыя Дубко. Былі  таксама старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта Валянціна Субач і кіраўнік спраў сельвыканкама Святлана Пісарчык. Як прыгожа віншавалі, якія добрыя словы ў адрас юбіляра казалі! Вядома, было і яму, і мне прыемна, што ў такі дзень не забыліся, наведаліся. Што ж нам, ветэранам, цяпер трэба? Толькі ўвага, памяць... Пазней муж гаварыў, што перад вачыма праплыло ўсё жыццё: няпростае маленства, маладыя гады, цяжкая хлебаробская праца. Рознае было. Але з усіх сітуацый ён стараўся выходзіць годна. Жыў чэсна, сумленна, бо інакш не мог. На рабоце пастаянна выкладваўся поўнасцю. Дадому вяртаўся стомлены, затое шчаслівы, бо ўсё запланаванае паспеў выканаць добра, нікога не падвёў. А яшчэ Уладзіслаў для мяне быў і застаўся дбайным гаспадаром, надзейным і клапатлівым мужам, а для дзяцей — харошым бацькам.

І на прысядзібным падворку Рацкевічы дружна пастаянна працавалі поруч: трымалі карову, свіней, садзілі агароды, бульбу. Гэта цяпер у гаспадарцы ў іх толькі куры, сабака і кот засталіся. Жывуць па-ранейшаму ва ўласным доме, які самі ж і пабудавалі.

Вядома ж, цяжка было, —  згадвае перажытае  Юзэфа Іосіфаўна. — Але ж маладыя былі. Хацелася самастойнасці, самім быць гаспадарамі, а не жыць разам з бацькамі. Вось і стараліся, ды і людзі дапамагалі. Тады ж усе былі намнога дружнейшыя, чым цяпер. Адзін аднаму пастаянна прыходзілі на выручку. Азіраючыся назад, нават не верыцца, што столькі выпрабаванняў вынеслі, і беды былі, аднак выстаялі і людзьмі засталіся. А гэта галоўнае.

Руплівых, старанных, сумленных сыноў выхавалі Рацкевічы. Абое прыжыліся на малой радзіме, звязалі свой лёс з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Па сёння працуюць у мясцовай гаспадарцы. Часлаў — вадзіцель, Аляксандр — трактарыст. Пра іх неаднойчы пісала раённая газета, змяшчаліся на яе старонках і фотаздымкі дбайных хлебаробаў. Па шчырасці, працавітасці сыны — у бацькоў. І па адказнасці таксама.

Інакш і быць не магло, — перакананы Уладзіслаў Францавіч. — Мы з жонкай, нашы суседзі былі прыкладам для хлопцаў з маленства. На нас яны раўняліся, хацелі быць падобнымі. Вядома, задаволены, што і Часлаў, і Аляксандр прадоўжылі пачатую мной хлебаробскую справу. Ім за мяне і за маці ніколі не было сорамна, а нам за іх. Значыць, недарэмна стараліся, выхавалі сыноў сапраўднымі людзьмі. Цяпер радуемся іх поспехам. Было прыемна, што сёлета на жніве ў нашай гаспадарцы былі два вадзіцелі-тысячнікі. Сярод іх — і наш сын Часлаў. Для хлебаробаў Свіршчыны гэта вялікі поспех, заслужаны руплівай і стараннай працай.

І нявесткі ў нас добрыя, гаспадарлівыя, — працягвае пачатую раней размову Юзэфа Іосіфаўна. — Мне ж хочацца і пра іх расказаць. Жонка Чэся  — Надзея —  працуе на ферме "Свір" даяркай. Участак нялёгкі, адказны, але яна добра спраўляецца. Надзя ж у нас руплівая, старанная. Нічога абы як не зробіць. А Аляксандрава Марына  —  санітарка (буфетчыца) у аддзяленні сястрынскага догляду ў Свірскай участковай бальніцы. Работа таксама патрэбная. Лічу, каб там працаваць, трэба мець не толькі залатыя рукі, але і добрае сэрца, якое ўмее спачуваць, суперажываць хворым людзям. А Марына ў нас такая — шчырая, неабыякавая да чужой бяды. Яшчэ маем двое ўнукаў і чацвёра праўнукаў. Цешымся з дзедам з іх. Гэта ж працяг нашага роду, нашы карані! Толькі хочацца, каб былі здаровыя і шчаслівыя. І каб не было вайны. Дарэчы, ўнучка  Аня — шматдзетная мама. У яе дзве дачушкі і сынок.

Сям'я Рацкевічаў — асаблівая. Такіх няшмат у нашым сельсавеце, — кажа старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта Валянціна Субач.  — Людзі — шчырыя, прыстойныя, пабожныя і вельмі-вельмі працавітыя. У доме і ля будынка пастаянна выключны парадак, чысціня. Яны і прыродны газ сабе правялі. Нават не трэба было ўгаворваць гэта зрабіць, як многіх іншых, самі захацелі. А якіх талковых сыноў выгадавалі — руплівых, адказных. І адзін , і другі ніколі не лічацца з асабістым часам. Калі трэба, то і затрымаюцца на працы пазней, але выканаюць даручанае заданне, не падвядуць. А як за тэхнікай глядзяць, каб служыла надзейна! Адным словам, у бацькоў пайшлі — дбайныя, гаспадарлівыя.

...Жыццё пражыць — не поле перайсці. Так сцвярджае народная мудрасць. Але ж важна пражыць яго годна, і след пасля сябе на зямлі пакінуць. Як, напрыклад, сям'я хлебаробаў Рацкевічаў са Свіры, агульны працоўны стаж якой аж 140 год.

С тараліся жыць так, каб не было сорамна перад людзьмі. Даражылі сваёй сям'ёй, блізкімі. Пры першых цяжкасцях не спяшаліся разляцецца ў розныя бакі, як часта цяпер бывае: ледзь што — адразу скасаванне шлюбу. У нас і думак такіх не ўзнікала.  

Юзэфа Рацкевіч

"Задаволены, што і Часлаў, і Аляксандр прадоўжылі пачатую мной хлебаробскую справу. Ім за мяне і за маці ніколі не было сорамна, а нам за іх. Значыць, недарэмна стараліся, выхавалі сыноў сапраўднымі людзьмі. Цяпер радуемся іх поспехам.

Источник: minsk-region.gov.by